АЗЕАТРО́ПНЫЯ СУ́МЕСІ,

азеатропы (ад а... + грэч. zeō кіплю + tropē змяненне), аднародныя вадкія сумесі, якія пры перагонцы ўтвараюць кандэнсат таго самага саставу, што і зыходны раствор. Прысутнасць азеатропаў перашкаджае раздзяленню вадкіх сумесяў і патрабуе спец. метадаў рэктыфікацыі. Некаторыя азеатропныя сумесі кіпяць пры больш высокай ці больш нізкай, чым іх кампаненты, т-ры. Сустракаюцца ў двайных, шматкампанентных сістэмах. Напр., сумесь 95,57% C2H5OH (t кіп. 78,5 °C) і 4,43% H2O (t кіп. 100 °C) утварае азеатропныя сумесі (t кіп. 78,15 °C).

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)